Пасля першага курсу Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Мінску Ганна Трубека патрапіла на стажыроўку ў французскі горад Страсбург — парламенцкую сталіцу Еўропы. Там вырашыла паступаць у Сарбону. У Парыжы яна вывучала адміністрацыйную справу, эканамічныя і сацыяльныя адносіны. Бакалаўрам беларуска стала з першай спробы, хоць бывае, што студэнты ў Сарбоне здаюць іспыты на гэтую ступень па некалькі разоў.

Да паступлення ва універсітэт Ганна закончыла філіял Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа ў Светлагорску. Тут яна навучалася ў групе Наталлі Папковай — вядомага ў горадзе педагога па французскай мове, якая выкладала ў філіяле з часу яго адкрыцця ў 1993 г. Былыя выкладчыкі Ганны кажуць, што дзяўчына вылучалася вельмі адказным стаўленнем да навучання і вучнёўскіх спраў. Яна была старастай групы, удзельнічала ў археалагічнай экспедыцыі, а атэстат атрымала з залатым медалём.
Знакамітая Сарбона, заснаваная ў ХIII стагоддзі, ў наш час складаецца з некалькіх універсітэтаў. Ганна Трубека атрымала дыплом бакалаўра ва ўніверсітэце імя Дзені Дзідро. Ад верасня яна працягне навучанне там жа ў магістратуры, адначасова працуючы ў адной з адукацыйных кампаній.
Mojazarplata.by
14.07.2009