Кожны пяты настаўнік пакутуе ад выкліканых стрэсамі клінічных захворванняў, кшталту дэпрэсій, псіхасаматычных дысфункцый альбо парушэння сну.
Пад масіўнай нагрузкай знаходзіцца траціна настаўнікаў. Аб гэтым сведчыць навуковы часопіс “Псіхатэрапія праз дыялог” (№3 за 2009 год), які выдаецца ў Штутгарце. Як адзначана ў артыкуле, настаўнікі працуюць у сярэднім 51 гадзіну ў тыдзень. Прафесія цяжкая і нагрузачная. Гэтаксама і абставіны ў школе спрыяюць таму, што некаторыя настаўнікі знаходзяцца ў стане нервовага калапсу. Так, апошнім часам яны сталі аб’ектам слоўнай агрэсіі, абраз, пагроз. А часам і гвалту з боку вучняў, тлумачыць у часопісе прафесар Йоахім Баўэр з універсітэцкай клінікі Фрайбурга.
Пад пагрозай найперш настаўнікі, якія ідэнтыфікуюць сваю асобу на падставе абранай прафесіі: яны шмат працуюць, а прызнання няма. Пры гэтым настаўнікам у школах не стае свабоды, для таго каб рэалізаваць сябе ў той ступені, якой ад іх чакаюць вучні, бацькі і палітыкі.
Паводле поглядаў экспертаў, нервоваму зрыву часцей за ўсё папярэднічае пэўная стрэсавая сітуація. Гэта можа быць цяжкі канфлікт паміж настаўнікамі і вучнямі альбо паміж настаўнікамі і бацькамі. Першыя выпадкі надараюцца яшчэ падчас практыкі (настаўнікі ў Нямеччыне тры гады пасля заканчэння ВНУ маюць нешта накшталт статусу стажора). У гэты час многія пачынаючыя настаўнікі заўважаюць, што не зусім падрыхтаваныя да прафесіі. Якраз тады і здараюцца першыя скаргі на стан нерваў.
Паводле Баўэра, нельга абгрунтаваць погляд некаторых навукоўцаў, што ў настаўнікі збольшага ідуць людзі і без гэтага слабыя і невынослівыя ў псіхічным плане. Гэтае дапушчэнне не знайшло пацверджання ў яго даследаваннях.
А колькі зарабляюць настаунікі? Адкажыце на пытанні анкеты і атрымайце магчымасць у хуткім часе дазнацца.
Паводле інтэрнэт-рэсурсу “Лекары ў інтэрнэце”
12.11.2009